САСУ́ДЗІСТЫЯ ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н,

парушэнні функцый сасудзістай сістэмы, якія характарызуюцца стратай тургару ўсёй раслінай ці яе часткай. Прычыны: недахоп вільгаці ў глебе, парушэнне дзейнасці каранёвай сістэмы, мех. закупорванне праводнай сістэмы фітапатагеннымі грыбамі ці бактэрыямі і іх таксічным уплывам, утварэнне ў сасудах пузырападобных уздуццяў, камедзі. Выяўляюцца пасвятленнем жылак лісця, пабурэннем сасудаў, утварэннем прыдаткавых каранёў на сцёблах, некрозамі. На Беларусі найб. пашыраны трахеамікозы (вертыцылёзнае завяданне памідораў, фузарыёзнае завяданне лёну, бабовых, агароднінных раслін) і трахеабактэрыёзы (чорная ножка і кальцавая гніль бульбы, сасудзісты бактэрыёз капусты, бактэрыяльны рак памідораў). Гл. таксама Бактэрыяльныя хваробы раслін, Вертыцылёз, Фузарыёз.

Да арт. Сасудзістыя хваробы раслін. Вертыцылёзнае завяданне: 1 — сланечніку; 2 — перцу; 3 — сасудзісты бактэрыёз капусты; бактэрыяльнае завяданне: 4 — памідораў; 5 — тытуню; 6 — чорная ножка бульбы.

т. 14, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)